ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ АСВЕ́ТЫ (ТБА),
культурна-асветная арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1932—37. Створана ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый, зарэгістравана 22.12.1932. Арганізатары і кіраўнікі А.І.Луцкевіч, Р.К.Астроўскі, А.Трэпка, Я.Шнаркевіч, С.Кароль, Я.Бартуль, В.Манкевіч і інш. З 1933 выдавала газ. «Родны край». Мэтай ТБА з’яўлялася дзейнасць па развіцці бел. культуры, пашырэнні школьнай і пазашкольнай асветы на бел. мове, уздым маральнага ўзроўню, вывучэнне польскай культуры, культ. адметнасцей інш. народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі. Знаходзілася пад арганізац. кіраўніцтвам беларускай санацыі. З 1933 утварала гурткі, адкрыла 33 б-кі-чытальні, наладжвала лекцыі, спектаклі вандроўных т-раў, разгарнула выдавецкую дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця бел. школ, умацавання ўцалелых Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій, выступала супраць паланізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культ.-асв. арг-цыямі, асуджала паліт. рэпрэсіі ў БССР. Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый. Дзейнасць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Паланафільскі характар і шлях кампрамісаў не пазбавіў ТБА ад праследаванняў польскіх улад, фін. цяжкасцей. З-за паліт. меркаванняў т-ва адмовілася далучыцца да заключанага ў лют. 1936 пагаднення паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрна». Забаронена польскімі ўладамі 20.8.1937.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 2.
А.М.Вабішчзвіч.
т. 15, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)